• БИОГРАФИЯ
• ТЕАТР
• КИНО
• ПРЕССА
• КОММЕНТАРИИ
Если Вы заметили неточность,
если Вы располагаете
дополнительными
сведениями, напишите администрации или оставьте
сообщение в Гостевой.
Спасибо. |
|
АКТЕРЫ — М — ВИКТОР МАНАЕВ

Фота Андрэя Спрынчана

Ісідара. «К'ёджаўскія перабрэхі»
К.Гальдоні.
Фота Віктара Стралкоўскага

Манілаў. «Чычыкаў»
паводле М.Гогаля.
Фота Андрэя Спрынчана



Мікіта Зносак. «Тутэйшыя»
Янкі Купалы.
Фота Віктара Стралкоўскага

Франсуа Піньён.
«Вячэра з прыдуркам» Ф.Вебера
Фота Андрэя Спрынчана

Жабрак. «Сымон-музыка» Якуба Коласа.
Фота Віктара Стралкоўскага |
Манаев Виктор Сергеевич |
Віктар Манаеў. Па дарозе да храма
Людміла Грамыка
Ёсць акцёрскія індывідуальнасці, якія інакш чым самадастатковымі не назавеш. Кожнае сцэнічнае імгненне пражываецца імі адметна i запамінаецца надоўга. Сцэнічны фальш, побач з такімі акцёрамі, кідаецца ў вочы, а быць неталенавітым - адчувальна i сорамна. Зрэшты, здаецца, што Манаеў заўсёды працаваў з адоранымі акцёрамі i рэжысёрамі ў выдатных спектаклях.
За творчасцю Віктара Манаева давялося назіраць, пачынаючы з ягоных першых прафесійных крокаў. Хударлявы юнак з выбітнымі пластыкай i мімікай - па восем рухаў на адну думку - здзяйсняў уражлівы дэбют у дыпломных выпрабаваннях Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Сітуацыя была неардынарная, вучань Андрэя Андросіка, дзіўнаваты студэнт-лялечнік, паказваў нешараговыя эцюды паводле апавяданняў Антона Чэхава. Неўзабаве яго запрасілі ў Купалаўскі тэатр. Відаць, невыпадкова, бо з таго экзамена дагэтуль выразна памятаю персанажа Віці Манаева - на мыліцах, з падкурчанай нагой i дапытлівымі, пранізлівымі вачыма...
Цікава ўсё, сыгранае ім за дваццаць пяць гадоў. Ёсць ролі, якія сталі легендарнымі: Адуванчык з «Радавых», Мікіта Зносак з «Тутэйшых», Ян Губач з «Ідыліі», Норман з «Касцюмера», Гаральд з «Гаральда і Мод» у Купалаўскім, Іван з «Арта» ў Малым, Акуліст, Пан у «Стрыптызе» ў «Нікола-тэатры».
Акцёрская зорнасць па-рознаму адбіваецца на чалавечай сутнасці, яе па-рознаму адчуваюць людзі ў звычайным жыцці. Не ведаю артыстаў, якія б ад уласнай нешараговасці ў той або іншай меры не залежалі. Добра, калі залежнасць не набывае звыродлівыя формы. У выпадку з Манаевым - таленавітая натура робіць яго таленавітым у жыцці. Адметным падаецца кожны ягоны рух. Я бачыла Манаева, ахопленага замілаваннем і гневам, жорсткага i прыязнага, непахіснага i лаяльнага. Выбухі пачуццяў нечаканыя i нястрымныя. Прыродны інтэлект падмацаваны пэўнай доляй іроніі. Нечакана ён робіцца падобным да сыграных сцэнічных герояў. Часам Віктара Манаева хочацца параўнаць з П'ерам Рышарам, часам - з Чарлі Чаплінам. Думаю, што акцёру падуладныя магутныя праявы трагічнага.
Сёння Віктар Манаеў зусім пе падобны да рахманага і даверлівага хлопчыка, якім ён быў дваццаць пяць гадоў таму; знікла і рэзкасць, уласцівая яму нядаўна. Вядома, шлях да сябе самога нават у звычайнага чалавека можа не скончыцца ніколі. Што да натуры творчай - стан пастаянных унутраных змен толькі адцяняе напружаную працу душы. Вакол гэтага і круцілася наша гаворка. Зрэшты, перад тым як пагадзіцца на яе, Манаеў шчыра мяне папярэдзіў, што цяпер ён іншы і звычайная свецкая мітусня яго мала кранае. Думаю, найперш таму, што духоўныя пошукі захапляюць ягоную істоту.
Калі б табе прапанавалі: стаць на край рампы перад поўнай глядзельнай залай і распавесці пра сябе... Я, Віктар Манаеў, і г.д... Што б ты сказаў?
- (Доўга думае, потым каменціруе сваё працяглае маўчанне.) Паўза гэта называецца... Па маім глыбокім перакананні... Паводле майго цяперашняга пераканання, да якога варта прыслухацца, ні пра якія заслугі ці поспехі гаворка не можа ісці. Азіраюся на сваё жыццё і мушу прызнацца: апрача каскада ўсемагчымых падзенняў, усялякіх памылак - нічога не было. Я так лічу. Чым увогуле чалавек можа ганарыцца? Калі мастак або акцёр таленавітыя - хіба гэта іх заслуга? Калі чалавеку месца сядзець у бухгалтэрыі, а ён хоча са сцэны распавядаць пра самае галоўнае ў нашым жыцці, ды Бог таленту не даў - у яго ўсё роўна нічога не атрымаецца. Да таго ж, навучыць чалавека быць цікавым - практычна немагчыма. Такім чынам, заслуг у мяне няма. Калі што і было добрае ў жыцці - дык гэта людзі, з якімі звёў лёс. (Згадваючы пытанне.) А гледачам я распавёў бы пра сваю маму. Якое жыццё пражыла і якім светлым чалавекам памёрла. (Пасля паўзы.) Біяграфія чалавека - гэта, мабыць, і ёсць тыя людзі, якія побач, якіх мы любім.
Атрымліваецца, што самая высокая каштоўнасць у жыцці для цябе - чалавек. I ты ўдзячны людзям, якія прысутнічалі ў тваім жыцці і напаўнялі яго?
- Так, самая вялікая каштоўнасць - чалавек, але пасля Бога, канешне. Трэба, каб душа здзейснілася. I дзеля гэтага побач з намі і людзі, і дзеці.
Як ты ставішся да персанажаў, якіх увасабляеш на сцэне, - нейкім чынам адрозніваеш іх ад людзей у жыцці?
- Ну, вядома, нельга блытаць людзей і персанажаў. Ды мне пашчасціла, героі, якіх я ўвасабляў на сцэне, былі лепшыя за мяне. У тым сэнсе, што я ўжо не мог быць такім наіўным, такім шчырым чалавекам, як яны, не мог так давяраць людзям, не меў такую дзіцячую і чыстую душу, як Лёнька Адуванчык з «Радавых», Іван з «Арта» або Франсуа Піньён з «Вячэры з прыдуркам». Не кажучы ўжо пра Мікіту Зносака з «Тутэйшых», які няздатны ні пакрыўдзіцца, ні раззлавацца, або пра Мікітку з вадэвіляў Чарота. Ён - чыстае дзіця, з яго ўсе насміхаюцца, а Мікітка - кахае. Сустрэча з такімі персанажамі - нібы сустрэча з добрымі людзьмі ў жыцці. Калі мы любім іншага чалавека - п'ём самую ягоную сутнасць. Любоў напаўняе нас новым зместам. I гэта цуд, калі людзі разам і, любячы, вучацца адзін у аднаго. На сцэне, віртуальна, сустракаешся з чалавекам, які робіць цябе лепшым, - і гэта прыносіць радасць. У звычайным жыцці існуе грубы жарт, маўляў, чалавек ёсць тое, што ён есць. Аналагічна тое, што мы любім, становіцца нашай сутнасцю. Такія персанажы, як мае, робяць лепшым не толькі выканаўцу, а і гледачоў, якія за іх перажываюць.
Не раз даводзілася чуць ад акцёраў, што тэатр дапамагае ім спасцігаць усю разнастайнасць жыцця. У іх ёсць магчымасць пражыць чужыя жыцці, як свае. Атрымліваецца нібы ў сучасных камп'ютэрных гульнях: у героя не адно жыццё, а - дзевяць запасных. У цябе гэтак?
- Ні ў якім разе! Думаю, што ў чалавека толькі адно жыццё. У зубнога ўрача, у сантэхніка, настаўніка, акцёра - усё роўна! - толькі адно жыццё. I трагедыя, калі ён прамяняе яго на тое, што проста з'яўляецца адлюстраваннем нашай рэчаіснасці. Напрыклад, на мастацтва. Кожны чалавек адказны за ўласнае жыццё, за тое, што з ім зрабіў, змог ці не зразумець, што такое любоў, ахвярнасць і самааддача. Чалавек адказны за гэта, а не за тое, як сыграў таго або іншага персанажа. Мне здаецца, лічыць, што тэатр - больш важны, чым само жыццё, а героі больш важныя, чым жывыя людзі, - няправільна. Мы можам мець па пяцьдзесят жонак або мужоў, можам не звяртаць увагі на ўласных дзяцей, таму што трэба ісці іграць на сцэну... I ўсё гэта дзеля тэатра? Але ці паспеем сваё ўласнае жыццё напоўніць сэнсам?
На пачатку жыцця, у дзяцінстве і юнацтве мы здатныя любіць людзей. Мы любім і бачым у іншым чалавеку толькі добрае, светлае. У сталым узросце, на жаль, усе пераварочваецца. Чалавек больш схільны заўважаць заганы і недахопы іншых, шукаць і выяўляць негатыў. Цябе не датычаць такія жыццёвыя метамарфозы?
- Часам мы забываем, што цягам жыцця павінны прад'яўляць прэтэнзіі не да таго, хто побач, і не да абставінаў, а толькі да сябе. Але нам не хочацца гэтак рабіць! Мы імкнёмся памяняць і жонку, і сям'ю, і галоўных рэжысёраў, і горад, і краіну... Чалавека падхоплівае вір перамен, але ён усё роўна адчувае сябе няшчасным і можа нават скончыць жыццё самагубствам. Менавіта таму, што нічога не атрымліваецца са зменамі і пераменамі, а прэтэнзіі трэба прад'яўляць толькі да сябе. Што ўяўляю я сам? Чаму гэты чалавек горш за мяне? Колькім я здрадзіў?
Пажадаў, няхай падсвядома, благога? Колькі я хлусіў, даваў волю нізкім пачуццям, фальшывіў - казаў адно, рабіў іншае? У нас усё наадварот і зусім іншы адлік - мне схлусілі, мяне абважылі, прымусілі зрабіць гэтак, а не іначай... Я сам глыбока ўсё гэта зведаў. І таму разумею, што права не маю не толькі асудзіць некага, але нават зірнуць скоса. На жаль, гэта не заўсёды атрымліваецца. Чалавек - гэткі пчаліны рой. Вось ён вісіць - і ўсё добра. Але паспрабуй толькі яго крані. Вядома, здараюцца сітуацыі, пасля якіх сорамна. I людзі ўсё роўна забываюцца, што іншы - гэта працяг цябе самога.
Змены ў тваім светаўспрыманні нейкім чынам паўплывалі на твае адносіны да прафесіі, на тое, як ты ў ёй існуеш?
- Вядома, паўплывалі. Хоць мне пашчасціла: я ніколі не іграў злодзеяў, падонкаў, катаў. У мяне проста не было такіх роляў. Неяк у казцы іграў служку Кашчэя, які быў горш за свайго ўладара. Але дзеці так смяяліся, ім было весела... I гэта быў адзін з самых адмоўных персанажаў у мяне.
Ты не хочаш перадаваць зло на сцэне праз сябе?
- Так, зло нават у жыцці нельга перадаваць, а на сцэне тым больш...
Ну, а калі б табе прапанавалі сыграць адмоўнага персанажа, злодзея, забойцу, які грашыў і не раскаяўся, які ўвасабляе зло...
- Каго напрыклад?
Шэкспіраўскага Рычарда. Ты б не пабаяўся ўвайсці ў гэта?
- Можна было б паспрабаваць. Напрыклад, калі іграеш Скупога ў пушкінскай трагедыі, разумееш, што гэта за страсць такая - срэбралюбства, што яна з чалавекам робіць і якія пакуты трываць гэтую страсць. Страсць перакладаецца як пакута. Паказаць чалавека, які пакутуе, - гэта высакародна, добра. Дзеля гэтага, мабыць, Пушкін і напісаў свой хрысціянскі твор. Ён расклаў, анатаміраваў страсць. Можна з такім болем паказаць смерць Скупога або трагедыю Рычарда, што зала будзе рыдаць... На што было выдаткавана Божае жыццё? На што патрачаны подых Божы ў чалавеку? Дзеля таго, каб зрабіць усё гэта бачным, існуе тэатр. Не дзеля таго, каб паказваць пародыю, брыдзіць, а каб яшчэ раз нагадаць, якім цудоўным задуманы чалавек. Трагедыя ў тым, што мы самі з сабой робім.
Атрымліваецца, што жыццё - гэта гульня святла і ценю. Ды калі няма цемры, незразумела, што такое святло. Не існуе зла - цяжка адчуць і асэнсаваць дабро...
- Дабро і зло, святло і цемра не з'яўляюцца антаганістамі і знаходзяцца на адным узроўні. Таму што цемра - гэта проста адсутнасць святла. Гэтак сама, як і зло, сама па сабе цемра не мае сутнасці. Яна знікне, калі ўсё будзе ва ўсім. Захочаш што-небудзь убачыць у цемры - запаліш святло, і ўсё, прапала, знікла цемра. Так і ў мастацтве. Іншы чалавек запальвае ў табе святло, і ўсё становіцца іначай. Нібы адкрываецца нейкая новая праўда. Задача мастацтва паказаць крыніцу святла. Да гэтага імкнуліся Гогаль, Дастаеўскі, у сусветнай літаратуры Шылер, Гётэ...
Што для цябе значыць - увайсці ў вобраз? Ёсць такое слова - ператварэнне...
- Сувязь творцы са сваім стварэннем, уздзеянне вобраза на таго, хто яго стварае, - вельмі складанае пытанне.
Напрыклад, ты - творца, а ён...
- Мой гаршчок... касабокі, але такі мілы. Хіба ў жыцці ўсе мы любім толькі шварцэнегераў? На сцэне, бывае, акцёр нічым не вылучаецца - ні голасам, ні постаццю, але валодае тым, што сыграць немагчыма, - шчырасцю, вабнасцю, цеплынёй. Я вельмі асцярожна стаўлюся да працэсу ўваходжання ў вобраз, да пераўвасаблення... Шчыра кажучы, ніколі гэтага не разумеў... Я - гэта ўжо не «я», а ён. У такім разе крытэрыем выдатна сыгранай ролі Атэла была б задушаная ім актрыса-Дэздэмона. А мы б сказалі, што ён так цудоўна пераўвасобіўся, так паверыў у абставіны! Мабыць, я быў бы дысідэнтам у тэатральнай педагогіцы. Ну як можна сцвярджаць, што я - гэта не я, калі я усё роўна павінен слухаць партнёра, падаваць рэплікі, калі я бачу і адчуваю настрой залы і разумею, што партнёр сёння выйшаў на хвіліну пазней, чым трэба. Гэта значыць, што я не толькі жыву клопатамі і пачуццямі персанажа, а і ўсё наўкол адчуваю і бачу. Інакш нельга займацца творчасцю, інакш - гэта не мастацтва, а вар'яцтва. Ператварэннем трэба займацца ў жыцці. I найперш - ператварэннем самога сябе. Паспрабаваць быць крышачку іншым - больш цярплівым, менш зласлівым, больш спагадлівым. Хоць гэта і цяжка...
Якім чынам ты будуеш вобраз, працуеш над ім? Табе важна, якім твой герой будзе знешне, ці больш цікава, што ён думае?
- Напрыклад, Мікалай Пінігін адразу ніколі не патрабуе ад акцёраў ніякай характарнасці. Проста вызначаем галоўны клопат персанажа. I калі драматургія добрая, то гэты клопат выяўляецца па-рознаму, але вельмі канкрэтна. Потым выбудоўваюцца дакладныя ўзаемаадносіны, а на іх аснове робяцца ўзоры.
Усе твае персанажы маюць яркую знешнюю характарнасць, і яны вельмі непадобныя адзін да аднаго. Пры гэтым ты ўсё роўна застаешся Віктарам Манаевым, са сваімі ўласнымі манерамі, звычкамі...
- ...грымасамі...
Але... Хіба Мікіта Зносак, з ягонай пластыкай, уменнем выдаваць думку, падмацоўваючы яе рухамі і мімікай, падобны да легкадумнага і рахманага персанажа з «Ідыліі» або да Жабрака з «Сымона-музыкі»? Калі ты спецыяльна гэтым не займаешся, дык як усё атрымліваецца?
- Пра гэта таксама думаеш, толькі пасля. Напрыклад, Франсуа Піньёна прыдумаў Пінігін. Дзіўны, у кароткіх штанах, недагледжаны, бо яго жонка кінула... А я адразу ўявіў такога персанажа.
Атрымліваецца, што інтуіцыя, стыхія і талент прыводзяць цябе да патрэбнага выніку...
- Я не магу адказаць дакладна, і не таму, што нешта ўтойваю. Проста, здаецца, спецыяльна нічога не раблю, бо сам бываю такім у жыцці. Мой персанаж з «Арта» кажа: «Я ведаю, што ўсё жыццё быў клоунам». I мне ягоныя словы вельмі блізкія. Здаецца, і маё жыццё такое - пажартаваць, некага развесяліць. I гэта свайго роду маленькія практыкаванні, накіды. Бачу, што людзі смяюцца, значыць - ім добра. Урэшце, у маёй рабоце на сцэне ўсё гэта можа праявіцца. Галоўнае - рабіць усё шчыра. Калі ствараў вобраз дзеда Жабрака ў «Сымоне-музыку» - усё атрымалася нібыта выпадкова і вельмі проста. Я адразу зразумеў, што хоць мой персанаж - дзед, ніякай барады ў яго не будзе. Пінігін не любіць усю гэтую бутафорыю - штучныя парыкі і бароды. Я думаю: што рабіць? Дапусцім, буду няголены... Для мяне Жабрак - перш-наперш артыст. Ён нарадзіўся акцёрам. Дзеду падабаецца людзей весяліць, падабаецца, калі яго слухаюць. Хоць, канешне, людзей ён падманвае, ды толькі гэта потым... Далей. На рэпетыцыях на сцэне было холадна, гулялі скразнякі. Быў лістапад, потым снежань. Я захварэў, мне давялося разразаць дзясну... Што рабіць? Папрасіў у некага хустку і проста абкруціў вакол галавы і шчок, думаю, вось гэтак і парэпецірую... Бачу, Пінігін смяецца. А мне цёпла і добра, я наступным разам зноў хустку абкруціў... Бачу, махры вельмі на бараду падобныя... I незразумела, што гэта за істота такая - Жабрак. Вось так ўсё і засталося. Думаю, мне не абавязкова ўсё гэта абагульняць. Калі працуеш з рэжысёрам, галоўнае - спакой і ўпэўненасць, адчуванне, што ты ўсё робіш правільна. Тады зразумела, куды рухацца далей.
Мне заўсёды падавалася дзіўным, што акцёр накшталт цябе, які здатны трымаць рэпертуар, на якога ідуць і якім захапляюцца гледачы, так недаравальна мала іграе.
- Па-першае, мне нецікавыя літмантажы, гісторыка-харэаграфічныя мініяцюры... А такіх роляў, як Норман у «Касцюмеры», больш няма. I я сумую па такіх ролях. Але думаю, яшчэ паспею штосьці зрабіць, і таму не надта перажываю. Зрэшты, няхай мае персанажы такія... нягеглыя... I амаль усе плачуць ад болю і крыўды. Няхай іх было няшмат, а я ніколі не іграў Атэла ці Макбета... Але ўсе гэтыя Лёнькі, Ванькі, Міцькі - мне надзвычай дарагія. Магчыма, школа тэатра - найперш і ёсць уменне перажываць за іншых. Чалавек пачынае разумець, што побач з ім могуць быць няшчасныя людзі, са сваімі трагедыямі. I варта не толькі плакацца пра сваё, а паспрабаваць супакоіць іншага і дапамагчы. Вось дзеля гэтага патрэбны тэатр. I канешне, у мяне ёсць яшчэ сілы і жаданне іграць. Але для мяне мае значэнне не толькі п'еса, а і рэжысёр, які прапануе разам працаваць.
Можна пра запаветнае? Каго з герояў Шэкспіра ты б хацеў сыграць?
- Караля Ліра, абавязкова. Ён, нібы дзіця з цацкамі, гуляў з царствам і каронай, урэшце аслеп, таму не змог адрозніць сапраўднай любові. Потым быў цяжкі шлях да прасвятлення. Але ягоны шлях - гэта агульны чалавечы шлях. Аслепленыя абставінамі, мы прысвойваем сабе многае, што нам не належыць, - талент, сяброў, дзяцей. Потым здзіўляемся, што атрымліваецца зусім не тое, чаго мы чакаем. Усё - Боскае, і гэта таксама трэба разумець.
«Мастацтва», № 4, апрель 2006 г. |
|
|
|