Падзеі i дзеі музычнага чарадзея
Надзея Бунцэвіч

Фото Анрэя Спрынчана.
Калі многія дзеячы культуры едуць у Маскву, каб зрабіць творчую кар'еру, дык ён паехаў туды вучыцца. А потым вярнуўся ў родны Брэст - прафесійным кампазітарам. «Ёсць у цябе меладызм, - сказаў яму аднойчы старшыня Беларускага саюза кампазітараў, народны артыст СССР Ігар Лучанок, - а вось характару няма. Калі б ты быў Ханком - даўно б ужо ў Маскве жыў». Ён не стаў ні Ханком, ні «танкам», што пракладзе сабе дарогу ў любы бок, - застаўся самім сабой. I сёння яго імя - Васіль Кандрасюк - гучыць гімнам у гонар роднага краю.
Дзея І. Гімн
Васіль Кандрасюк сапраўды стаў аўтарам афіцыйнага... гімна Брэста: перамог у конкурсе, дзе ў яго было 35 сапернікаў. Напісаў ён і гімны Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа», Брэсцкай дзіцячай музычнай школы № 1, дзе калісьці вучыўся. Яго «гімнічны» талент прызнаны за межамі Беларусі: у свой час менавіта яму замовілі гімн кінафестывалю «Амурская восень», што праходзіць у Благавешчанску.
- Сябры мне нават мянушку далі - «гімнюк», - усміхаецца Васіль Васільевіч. - Ды й іншыя мае песні пачалі, жартуючы, «гімнамі» называць, нават калі яны зусім не адпавядаюць урачыстасці жанру. Тая ж песенька «Чароўны дзядзька Савушкін» стала літаральна хітом нашай дзятвы, без яе ніводнае свята не абыходзіцца. Асабіста ж я назваў бы гімнамі - менавіта паводле значнасці ў сваёй творчасці - тыя рэчы, што прысвечаны тэме вайны і Брэсцкай крэпасці. Маё пасляваеннае дзяцінства, можна сказаць, прайшло ў казематах: хлапчукамі мы лазілі па іх, гулялі ў вайну. Асэнсаванне ўсяго таго, што адбывалася тут, выявілася пазней у музыцы.
Мусіць, сімвалічна, што першая песня Васіля Кандрасюка, напісаная ў сем гадоў, была пра Брэст. Зараз кампазітар працуе над сімфанічнай паэмай, прысве-чанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А за эпітафію «Героям Брэсцкай крэпасці» ён быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дзея II. Відачынства
Прыхільнасць да тэатра закладзена ў ім дзесьці на генетычным узроўні. I тая акалічнасць, што ўжо чвэрць стагоддзя Васіль Кандрасюк загадвае музычнай часткай Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі, - цалкам заканамерны вынік усяго папярэдняга жыцця. Прынамсі, сам кампазітар прытрымліваецца менавіта такой думкі.
- У нашым тэатры працавалі яшчэ мае бацькі: маці - рэквізітарам, бацька - манціроўшчыкам. Здаралася, ігралі ў масавых сцэнах. Таму я - у пэўным сэнсе «дзіця тэатра». У 4-5 гадоў ставіў хатнія спектаклі. Пазней займаўся ў драмгуртку, хадзіў у школу пры ТЮГу. А яшчэ спяваў у хоры хлопчыкаў, іграў на баяне. Калі вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі, літаральна прападаў у ГІТІСе: афармляў студэнцкія спектаклі, пазнаёміўся з Барысам Пакроўскім, нават збіраўся паступаць на оперную рэжысуру. Але ж і пра Брэст не забываўся: яшчэ студэнтам напісаў музыку да «Раскіданага гнязда» і мюзікл «Дзень цудоўных падманаў» («Дуэння»). Жанр мюзікла, мабыць, і стаў для мяне ажыццяўленнем спрадвечнай мары (паяднанне драмы і музыкі), пазначанай у назве нашага тэатра. Узнікла нават задумка зрабіць «рэміксы» некаторых былых спектакляў. Бо музыка там - зусім не толькі «з нагоды». Спектаклі сыходзяць, а музыка, да іх напісаная, застаецца, пачынае самастойнае жыццё. Між іншым, яшчэ і таму, што яе нараджэнню спрыяла супрацоўніцтва з таленавітымі рэжысёрамі, а потым яна была адухоўлена эмацыйным акцёрскім выкананнем. Мне ўвогуле шчасціла на сустрэчы з творчымі асобамі. Пяць спектакляў зрабіў з рэжысёрам Уладзімірам Караткевічам, супрацоўнічаў з Рыдам Таліпавым. Тэатр дапамог мне і ў песеннай творчасці, навучыў пісаць немудрагеліста, але з душой. У той жа час разнастайнасць яго рэпертуару вымушае звяртацца ў музыцы да розных стыляў, эпох, характараў. Тэатр патрабуе ўмення быць усім - і заставацца самім сабой. Ці ж не гэта ў жыцці самае галоўнае?..
«Мастацтва», № 6 (303), июнь 2008 г. |